«Нам патрэбна свая медыяплатформа»: Воля Яноўская пра бачнасць беларускага кантэнту ў сеціве

Olya Ianovskaia, founder of Grunwald Publishing

Заўвага рэдакцыі: пасля гэтага інтэрв'ю «Шляхціц Завальня» выйшаў па-англійску пад назвай Nobleman Zavalnia, or Belarus in Fantastical Tales, а The Belarusian Cookbook выйшла ў цвёрдай вокладцы.

Гэтае інтэрв'ю ўпершыню было апублікавана па-беларуску на Reform.news.

Grunwald Publishing заснавана ў Канадзе ў 2023 годзе, каб выдаваць беларускія кнігі па-англійску. Першая кніга — пераклад аповесці Максіма Гарэцкага Дзве душы — выйшла ў верасні 2024 года. Яшчэ некалькі твораў цяпер на розных этапах падрыхтоўкі да друку: першы англійскі пераклад Шляхціца Завальні Яна Баршчэўскага, перавыданне The Belarusian Cookbook Алеся Белага і падручнік беларускай мовы для англамоўных.

Мы пагаварылі з заснавальніцай Grunwald Publishing Воляй Яноўскай пра асаблівасці кнігавыдання ў Канадзе, пошукі ідэнтычнасці ў жыцці і літаратуры і бачнасць беларускага кантэнту ў сеціве. Апошняе пытанне цяпер актыўна абмяркоўваецца. Акрамя таго, што ў вольны час Воля кіруе невялікім выдавецтвам, яна працуе ў сферы лічбавага маркетынгу і пошукавай аптымізацыі (SEO) і спецыялізуецца на вялікіх двухбаковых маркетплейсах. Сярод кампаній, з якімі яна працавала, — eBay, Shutterstock і Adevinta (уладальнік kufar.by да 2022 года).

– Вы пераехалі ў Канаду падлеткам. Як вам удалося захаваць такую свабодную беларускую мову і размаўляць без акцэнту?

— Мы пераехалі ў канцы 1990-х, калі мне было 15 гадоў. У Мінску я вучылася ў беларускамоўнай гімназіі, а пасля пераезду ў Канаду хутка знайшла беларускую суполку ў Таронта. Сяброўства тых часоў дапамагло мне пазбегнуць поўнай асіміляцыі.

Першыя гады эміграцыі былі вырашальныя і самыя цяжкія: новая краіна, новая культура, новая мова. Я была падлеткам, і Skype тады яшчэ не было. Лісты сябрам ішлі больш за два тыдні, а міжнародныя тэлефонныя карткі каштавалі шалёных грошай. Мы тэлефанавалі бабулі з дзядулем літаральна на 2–3 хвіліны на месяц. Але дзед заўсёды пісаў мне лісты па-беларуску.

Менавіта тады я пачала больш чытаць па-беларуску. І Уладзімір Караткевіч стаў тым пісьменнікам, які дапамог мне нанова адкрыць мову.

Сёння інтэрнэт і сацсеткі значна палягчаюць доступ да інфармацыі — амаль усё на адлегласці аднаго кліку. Ёсць шмат культурных ініцыятыў і праектаў, якія не толькі дапамагаюць захаваць мову, але і робяць яе актуальнай. Кожны можа хутка знайсці беларускія кнігі, музыку, фільмы і падкасты, дзе б ён ні быў. Суполкі, якія раней існавалі толькі лакальна, цяпер могуць існаваць віртуальна дзе заўгодна і ахопліваць увесь свет.

– Аднак з бачнасцю беларускай мовы ў сеціве ёсць праблема…

— Гэта не толькі беларуская праблема. Існуюць сістэмныя перашкоды, з-за якіх лакальнаму і нішаваму кантэнту цяжэй быць заўважаным. Гэта можа стаць сур'ёзнай праблемай, калі гэтым карыстаюцца для распаўсюду прапаганды, дэзінфармацыі або ў межах інфармацыйнай вайны.

Прывяду прыклад. У сакавіку 2022 года я заўважыла, што пры пошуку інфармацыі пра Украіну па-руску ў Google амаль усе верхнія вынікі былі з расійскіх дзяржаўных СМІ. Гэта быў самы пачатак вайны, і ўжо тады першыя пазіцыі ў Google па адпаведных запытах цалкам займаў кантэнт расійскай прапаганды.

Гэта падавалася няправільным — і з маральнага, і з тэхнічнага, SEO-пункту гледжання. Украінскія медыя публікавалі шмат матэрыялаў па-руску, актыўна працавалі і аўтарытэтныя міжнародныя крыніцы, такія як BBC Russia і Deutsche Welle. Паводле базавай логікі SEO, гэтыя крыніцы павінны былі ранжыравацца высока, нават вышэй за расійскае агенцтва РІА Новости, але гэтага не адбывалася.

Тады я напісала артыкул, у якім тлумачыла, чаму так быць не павінна. Маёй мэтай было звярнуць увагу Google на праблему. Артыкул выйшаў у вядучым выданні пра лічбавы маркетынг Search Engine Land пад даволі правакацыйнай назвай «Dear Google, It’s Time to Remove Russian Propaganda from Search Results» («Дарагі Google, час прыбраць расійскую прапаганду з вынікаў пошуку»). Назву, дарэчы, прыдумаў рэдактар, а не я.

Артыкул выклікаў дыскусію ў SEO-суполцы. Гаварылі пра свабоду слова, цэнзуру і межы алгарытмічнага ўмяшання. Яго каментавалі вядомыя ў SEO людзі і прадстаўнікі канкурэнтаў Google. Ці звязана гэта з артыкулам, ці не, але праз некаторы час Google абнавіў Rater Guidelines — дакументы, паводле якіх ацэньваецца якасць кантэнту. Змены закранулі ацэнку палітычнага і адчувальнага навіннага кантэнту. Рускамоўная выдача Google стала больш збалансаванай.

Расійская прапаганда не знікла цалкам, але яе дамінаванне прыкметна аслабла. Незалежныя ўкраінскія і заходнія медыя сталі больш бачнымі.

У выніку ў Google узніклі сур'ёзныя праблемы — Расія аштрафавала кампанію на вялікія сумы за распаўсюд «антырасійскай прапаганды». Але прынамсі людзі, якія шукалі інфармацыю пра вайну, цяпер атрымлівалі больш разнастайныя крыніцы.

Гэты выпадак паказвае, што нават невялікія змены ў працы пошукавікаў могуць моцна паўплываць на ўвесь інфармацыйны прастор. Аднак алгарытмы ніколі не будуць дасканалымі, а SEO-спецыялісты заўсёды будуць спрабаваць іх абысці.

Расійскі наратыў дамінаваў, нягледзячы на вялікую колькасць аўтарытэтнага ўкраінскага і заходняга кантэнту, нават у сітуацыі, калі рэсурсы абодвух бакоў былі даволі збалансаваныя. Ці ёсць у такім выпадку надзея ў беларускага кантэнту, у якога значна менш стваральнікаў, менш чытачоў і няма дзяржаўнай падтрымкі?

Цяжка данесці інфармацыю пра Беларусь да тых, хто нічога пра яе не ведае і не цікавіцца ёю.

— Але як зрабіць так, каб тыя, хто шукае беларускі кантэнт, маглі яго знайсці?

— Калі мы гаворым пра тое, што перашкаджае бачнасці беларускай мовы і беларускага кантэнту ў сеціве, адна з вялікіх праблем — алгарытмічныя перашкоды: Google і іншыя пошукавікі могуць аўтаматычна пераключацца на рускую мову, бо аддаюць перавагу больш папулярнаму кантэнту.

Ролю адыгрываюць і налады браўзера: Google вызначае моўную канфігурацыю камп'ютара карыстальніка. Калі ваша аперацыйная сістэма, акаўнт Google і браўзер настроены на рускую мову, Google, хутчэй за ўсё, будзе паказваць вынікі па-руску. Гэта моцныя сігналы, якія ідуць ад самога карыстальніка. У такім выпадку важна змяніць налады камп'ютара і браўзера.

Час ад часу я бачу розныя петыцыі з заклікам да кампаній дадаць падтрымку беларускай мовы. Гэта добрая актывісцкая ініцыятыва, але ці сапраўды мы разумеем, чаго просім?

Мы просім бізнес укласці значныя рэсурсы ў лакалізацыю сваіх прадуктаў на яшчэ адну мову. Аднак лакалізацыя — складаны, дарагі і працаёмкі працэс. А ў бізнесе, галоўная мэта якога — зарабляць грошы, рашэнні пра інвестыцыі прымаюцца з улікам чаканага ROI (вяртання інвестыцый).

Кампаніі глядзяць на базавыя лічбы: ці дастаткова карыстальнікаў, у якіх браўзер настроены на беларускую мову? Большасць інструментаў аналітыкі сайтаў дазваляе лёгка прааналізаваць моўныя налады карыстальнікаў. Калі мы карыстаемся інтэрнэтам па-руску, па-англійску ці на іншай мове, мы становімся нябачнымі як патэнцыйны сегмент карыстальнікаў і як кандыдат на лакалізацыю.

Я зразумела гэта, калі спрабавала пераканаць калег у PayPal у патрэбе беларускай лакалізацыі. Праект нікога не зацікавіў, бо колькасць карыстальнікаў не апраўдвала ўкладанняў.

Яшчэ адзін важны фактар — інфармацыйная канкурэнцыя. Калі беларускія тэмы трапляюць у навіны, іх часта абмяркоўваюць з расійскага пункту гледжання. А ўласна беларускага і беларускамоўнага кантэнту параўнальна мала. У выніку алгарытмы яго не заўважаюць і лічаць нішавым.

– Як можна палепшыць гэтую сітуацыю?

— Калі гаворка ідзе пра бачнасць беларускага кантэнту, на якой бы мове ён ні быў, працы даволі шмат. Трэба прасоўваць беларускія наратывы ў англамоўнай прасторы праз артыкулы, аналітыку, медыяпраекты, ствараць больш якаснага кантэнту і актыўна з ім узаемадзейнічаць. Лайкі, рэпосты — гэта вельмі важна. Я лічу, што нам патрэбна свая медыяплатформа, і менавіта англамоўная.

Бачнасць беларускага кантэнту ў сеціве — гэта пытанне не мовы, а прысутнасці. Выпраўляць гэта павінен не Google, а мы самі.

Невялікі прыклад. Да 2020 года ў Згуртавання беларусаў Канады не было нармальнага двухмоўнага сайта, хоць арганізацыя існавала больш за 70 гадоў. Не было сайта, які б індэксаваў Google і які лёгка маглі б знайсці людзі, што шукаюць інфармацыю пра беларусаў у Канадзе. Падчас выбараў і пратэстаў, што былі пасля іх, многія канадскія палітыкі і журналісты спрабавалі знайсці інфармацыю пра нас — але знаходзілі вельмі мала. Да таго часу суполка была зачыненая ў сабе: беларусы для беларусаў. Арганізацыя не надта імкнулася прадстаўляць беларусаў перад канадцамі, як гэта робяць многія дыяспары.

Таму мы запусцілі нармальны, аптымізаваны двухмоўны сайт. І раптам знайсці нас стала значна лягчэй. Пачалі звяртацца журналісты. Аказалася, што палітыкам важна, як беларусы Канады ўспрымаюць сітуацыю ў Беларусі. І медыя, і палітыкі цікавіліся беларускім пытаннем, але ім патрэбныя былі галасы беларуска-канадскай суполкі, каб зразумець кантэкст.

Olya Ianovskaia

– Наколькі я разумею, ідэя стварыць Grunwald Publishing таксама нарадзілася з разумення, што нам трэба больш прысутнасці ў сеціве?

— Так, менавіта. Але была і іншая важная прычына. Мая дачка цяпер падлетак. Яна нарадзілася ў Канадзе, і, хочаш ці не хочаш, яе родная мова — англійская. Таму паўстала пытанне: як зрабіць так, каб яна адчувала сябе часткай шырокай беларускай супольнасці? Тысячы беларускіх дзяцей кожны год нараджаюцца за мяжой. Яны растуць у розных культурах. Як ім захаваць ідэнтычнасць? Як пазбегнуць поўнай асіміляцыі? Я хацела, каб у моладзі быў спосаб захаваць беларускую ідэнтычнасць, нават калі яна ўжо не размаўляе па-беларуску. Я хацела знізіць бар'ер і зрабіць больш нашай культуры і нашых наратываў даступнымі па-англійску.

Я шукала англійскія пераклады беларускай класікі, якую чытала ў школе, — каб падзяліцца імі з дачкой. Тое, што я знайшла, вельмі расчаравала.

Я знайшла дарагі пераклад Дзікага палявання караля Стаха.

Знайшла некалькі перакладаў Васіля Быкава, зробленых пераважна ў савецкі час, і з рускай мовы, а не непасрэдна з беларускай. Яны былі даступныя ў лічбавым фармаце — амаль па 250 долараў за PDF — або ў букіністычных інтэрнэт-крамах.

Гэта былі старыя асобнікі са школьных бібліятэк у дрэнным стане.

Я дакладна ведала, што шукаю, і ўсё адно знайсці было цяжка. Быццам беларускіх перакладаў проста не існавала. А тыя, што існавалі, былі амаль недаступныя.

У свеце маркетынгу так быць не можа.

Тады ў мяне і ўзнікла ідэя: беларускія кнігі ў англійскім перакладзе павінна быць лёгка знайсці і купіць. Кніга не павінна друкавацца накладам 200 асобнікаў, якія потым ляжаць у кагосьці ў гаражы. Яна павінна быць імгненна даступная ў сеціве, на ўсіх буйных пляцоўках, бо менавіта гэтага чакае сучасны пакупнік.

Так нарадзілася ідэя Grunwald Publishing.

Спатрэбіўся час, каб зразумець, што трэба зрабіць і чаму гэта важна.

Але калі гэтае разуменне прыйшло, тэхнічная частка — рэгістрацыя і стварэнне бізнесу ў Канадзе, юрыдычныя пытанні, наладжванне асноўных працэсаў — аказалася даволі простай. Галоўнае для мяне цяпер — сама перакладчыцкая праца.

Belarusian books in English

– Вы перакладаеце самі ці запрашаеце іншых перакладчыкаў?

— І перакладаю сама, і шукаю перакладчыкаў. Мы на сувязі з Джымам Дынглі, брытанскім перакладчыкам, які разам з жонкай Элай шмат гадоў перакладае з беларускай на англійскую. Цяпер мы абмяркоўваем некаторыя з яго апошніх прац. Пачынаюць звяртацца і перакладчыкі, якіх зацікавіла ініцыятыва. Думаю, калі мы пачнём пашырацца, далучыцца больш людзей.

– Чаму першай кнігай вашага выдавецтва вы абралі Дзве душы Максіма Гарэцкага? Гэта было практычнае ці ідэалагічнае рашэнне?

— Гэта была кніга, якую я чытала ў той момант, калі прыйшла ідэя. Але я таксама думала, што яна будзе цікавай і актуальнай для канадцаў, бо яна пра пошукі ідэнтычнасці, пошукі сябе. Канада і ЗША — краіны імігрантаў, таму тэма даволі актуальная.

– Па якіх крытэрыях вы выбіраеце кнігі для свайго выдавецтва? Ці спіс складаецца спантанна?

— Крыху спантанна. Цяпер я працую над перакладам Шляхціца Завальні, бо заўсёды любіла гэты твор. Гэта гатычны фальклорны хорар, які можа захапіць многіх. Думаю, ён спадабаецца фалькларыстам, аматарам вуду і прыхільнікам Ціма Бёртана. Яраслаў Андэрс нават назваў яго «еўрапейскім вуду». Вобразы ў кнізе такія яркія, што, на маю думку, яна заслугоўвае экранізацыі. Але спачатку трэба скончыць пераклад. А далей будзе відаць.

Мне таксама цікава выдаваць нон-фікшн — кнігі па этнаграфіі, антрапалогіі і, вядома, больш беларускай класікі.

Адзін з праектаў, над якімі мы цяпер працуем, — перавыданне падручніка беларускай мовы для англамоўных, які ўпершыню выйшаў у Канадзе 51 год таму.

– Ці ёсць у вас каманда? Хто цяпер працуе ў вашым выдавецтве?

— Сталай каманды няма, і, шчыра кажучы, на гэтым этапе яна, магчыма, і не патрэбная, бо кожны праект мае свае асаблівасці. Ёсць некалькі людзей, з якімі я цесна супрацоўнічаю, а таксама альфа-чытачы — людзі, якія чытаюць раннія чарнавікі перакладаў і даюць водгукі. Час ад часу звяртаюцца і перакладчыкі.

Нядаўна мы правялі адкрыты конкурс ілюстратараў для Шляхціца Завальні і адкрылі некалькі неверагодна таленавітых мастакоў. Спадзяюся, у будучыні мы будзем з імі працаваць.

Пакуль вёрсткай і макетаваннем кніг я займаюся сама, але маю на прыкмеце некалькі ўмелых дызайнераў.

Цяпер мы таксама працуем над аўдыякнігай Дзвюх душ, якую робіць мая дачка Вілія. Яна спявае і вучыцца музычнаму прадзюсаванню, таму ўмее працаваць з гукавымі сістэмамі.

– Як вы распаўсюджваеце і прасоўваеце гэтыя кнігі? Што робіце, каб іх было відаць? Як англамоўныя чытачы, якія цікавяцца беларускай літаратурай, могуць іх знайсці?

— Я стараюся зрабіць іх як мага больш даступнымі, каб яны былі там, дзе ёсць чытачы. Гэта значыць, што нам трэба быць усюды. Я вучуся і выбудоўваю гэтыя працэсы на прыкладзе распаўсюду нашага першага выдання, Дзвюх душ. Мая мэта — каб нашы кнігі былі на найбуйнейшых пляцоўках.

Цяпер Дзве душы можна знайсці на Amazon, Barnes & Noble, Indigo, Waterstones, Everand, Apple Books і ў многіх іншых месцах.

Для мяне важна, каб любая кнігарня магла лёгка замовіць нашы кнігі праз цэнтральнага дыстрыбутара. Адна з маіх галоўных мэтаў — каб нашы кнігі былі ў публічных і акадэмічных бібліятэках, і ў друку, і ў лічбавым фармаце, каб іх маглі браць чытачы і слухачы.

З аўдыякнігамі план той самы: зрабіць іх шырока даступнымі на ўсіх магчымых пляцоўках.

– Беларуская літаратура, безумоўна, частка еўрапейскай, але яна застаецца даволі загадкавай і малавядомай. Як вы прасоўваеце беларускую літаратуру? Што падкрэсліваеце — тое, што яна малавядомая, ці яе сувязь з шырэйшай еўрапейскай літаратурай?

— Залежыць ад кнігі. Я сачыла за статыстыкай Дзвюх душ на розных пляцоўках і заўважыла рэйтынгі ў пэўных падкатэгорыях. Некалькі тыдняў Дзве душы трымаліся на чацвёртым месцы ў катэгорыі «Першая сусветная вайна». Гэта было крыху нечакана, але мела сэнс: кнігу можна прасоўваць праз сумежныя катэгорыі і тэмы. Калі спрабаваць прадаваць кнігі выключна праз тэму Беларусі, мы занадта сябе абмяжуем.

– У якіх катэгорыях вы рэгіструеце свае кнігі для бібліятэк і кнігарняў?

— Я выбіраю катэгорыі і тэгі паводле тэмы, стылю, мовы, геаграфіі, культуры і іншых фактараў. А кнігарні і бібліятэкі потым самі вырашаюць, як класіфікаваць іх у сваіх сістэмах. У мяне таксама ёсць свая невялікая інтэрнэт-кнігарня, дзе я пачала збіраць пераклады беларускіх кніг.

Я стварыла асобную старонку Belarusian Literature in English («Беларуская літаратура па-англійску») — яна спецыяльна зроблена так, каб яе знаходзілі пошукавікі.

– Ці добра прадаецца ваша першая кніга? Які на яе попыт?

— Так, продажы ідуць. Я не ведала, чаго чакаць, бо Дзве душы былі нашым першым выданнем. Аднак вынікі ўжо перасягнулі мае чаканні, і я веру, што патэнцыял для росту яшчэ вялікі.

Поўнай статыстыкі па бібліятэках у мяне пакуль няма — а трапіць у бібліятэкі для мяне адна з галоўных мэтаў. Але час ад часу я даведваюся, што Дзве душы з'явіліся ў нейкай невялікай публічнай бібліятэцы ў ЗША, і гэта мяне вельмі радуе.

– Якіх кніг ад вашага выдавецтва можна чакаць у бліжэйшы час?

— Я хацела б выпусціць пашыранае выданне Дзвюх душ у цвёрдай вокладцы з падрабязнымі каментарыямі або эсэ, якое дасць больш гістарычнага і культурнага кантэксту рамана.

Пераклад Шляхціца Завальні амаль завершаны, і мы плануем прыгожае ілюстраванае выданне.

Да канца красавіка мы плануем выдаць The Belarusian Cookbook Алеся Белага.

Таксама працуем над перавыданнем Fundamental Belarusian — падручніка беларускай мовы для англамоўных.

Ідуць размовы і з іншымі аўтарамі пра будучыя выданні.

Перакладчыкі, ілюстратары, аўтары і даследчыкі творчасці Максіма Гарэцкага могуць звязацца з намі праз сайт grunwald.ca, у сацсетках або па электроннай пошце mail@grunwald.ca.